САЛАМО́НАВЫ АСТРАВЫ́ (Solomon Islands),
вулканічны архіпелаг у паўд.-зах. ч. Ціхага ак., у Меланезіі, на У ад в-ва Новая Гвінея. Пл. 40,4 тыс. км². Найб. а-вы: Бугенвіль, Гуадалканал, Санта-Ісабель, Малаіта, Сан-Крыстобаль, Нью-Джорджыя, Шуазёль. Выш. да 2743 м (на в-ве Бугенвіль), ёсць дзеючыя вулканы (Балбі, Багана). Клімат субэкватарыяльны, вельмі вільготны. Сярэднямесячныя т-ры ад 26 °C да 28 °C. Ападкаў ад 2300 да 7500 мм за год. Кароткія мнагаводныя рэкі. Вечназялёныя лясы, у найб. сухіх месцах — саванны, па берагах — мангры. Вырошчванне трапічных культур. Рыбалоўства. Адкрыты ў 1568 ісп. мараплаўцам А. Менданья дэ Нейра. Паўн.-зах. ч. (а-вы Бука і Бугенвіль) уваходзіць у склад тэр. дзяржавы Папуа—Новая Гвінея, астатнія — тэр. дзяржавы Саламонавы Астравы.
т. 14, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)